У Віцебскай абласной непрафесійнай баскетбольнай лізе адбыўся чарговы тур. Каманды СДзЮШАР №2 і "Сяргееў В" згулялі дома, у Оршы. СДзЮШАР №2 прымалі баскетбольны клуб "Смалевіч" са Смаленску.
Бронзавыя прызёры лігі смаляне ў першым коле нечакана прайгралі аршанскім юнакам. У другі раз такую памылку яны не паўтарылі. На жаль, СДзЮШАР №2 саступіў 47:61 і з 14 баламі займае 9-ю пазіцыю.
А вось "Сяргееў В" у хатнім паядынку з камандай "БудГандальСэрвіс" перамог з папросту гіганцкай перавагай. Сур'ёзных сумневаў у зыходзе сустрэчы не было ўжо пасля 1-й чвэрці, якую "транспартнікі" ўзялі 27:9! У наступнай перавага была яшчэ большай - 37:13! Ударнай паловай паядынку аршанцы аглушылі праціўніка, а таму у другой частцы матчу дазволілі сабе крыху расслабіцца. Аднак "рэлаксацыя" была цалкам кантраляванай, бо і ў наступных чвэрцях "Сяргееў В" дзейнічаў арганізавана. Спачатку прайграў 21:23, а потым перамог 29:20. Выніковая вікторыя з лікам 114:65 не пакідае ніякіх пытанняў адносна зыходу. "Сяргееў В" дзякуючы такой упэўненай перамозе вярнуўся на 1-е месца ў табліцы, клуб мае 20 балаў.