Тое, што ў суседніх Літве, Латвіі і Польшчы даўно з'яўляецца нормай, у Беларусі толькі ўваходзіць у жыццё. Беларуская чыгунка разам з кампаніяй "Мабільныя ТэлеСістэмы" арганізавала доступ да інтэрнэта з дапамогай Wi-Fi на чыгуначных вакзалах краіны. Хот-споты сеткі Wi-Fi з’явіліся ў залах чакання і холах на чыгуначных вакзалах у Менску, Оршы, Маладэчне, Барысаве, Баранавічах, Лідзе, Гародні, Лунінцы, Пінску, Гомелі, Жлобіне, Калінкавічах, Магілёве, Асіповічах, Бабруйску, Крычаве, Віцебску і Полацку. Хуткасны доступ у сетку забяспечваецца пры дапамозе тэхналогіі 4G і аптычных каналаў сувязі.
25 ліпеня плануецца запусціць паслугу Wi-Fi на ўсіх вакзалах Беларускай чыгункі. Увядзенне хот-спотаў сеткі Wi-Fi істотна палегчыць атрыманне інфармацыі пасажырамі.
Нагадаем, што да нядаўняга часу ў Беларусі забараняўся нават Wi-Fi у міжгародніх маршрутках, перавозчыкі атрымлівалі штрафы за кропкі доступу ў сваіх транспартных сродках. Аднак цяпер, на шчасце, вектар змяніўся, і бясплатны інтэрнэт стане больш даступным. Асабліва важнай навінка стане для замежнікаў, якія едуць у Беларусь альбо праз Беларусь. Раней дзеля падлучэння да інтэрнэту іншаземцы мусілі набываць беларускую сім-картку, рэгістравацца ў сетцы, што выклікала не толькі грашовыя траты, але і немалы час.