У 15-м туры чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд І лігі "Орша" гуляла ў гасцях у Светлагорску з мясцовым "Хімікам". Сустрэча з суседам па турнірнай табліцы праходзіла напярэдадні матчу 1/8 фіналу Кубка краіны, у якім аршанцы згуляюць з салігорскім "Шахцёрам". Напэўна, аршанцы трымалі ў галаве будучы паядынак і падрыхтоўку да яго, хіба так можна патлумачыць стартавы правал дружыны. "Хімік" у першыя паўгадзіны тройчы (!) засмуціў Харытонава. Балазе, да канца першага тайму Шчарбакову і Хадневічу ўдалося забіць па мячы. 3:2 на карысць "Хіміка", з такім лікам не сорамна было выходзіць на другі тайм, усё было наперадзе.
На жаль, другая палова не стала паспяховай для аршанцаў. І наогул, не была ўраджайнай на галы. Светлагорцы на адзін мяч павялічылі сваю перавагу. Перамога "Хіміка" 4:2, і "Орша" адкатваецца на 11-е месца ў табліцы. Першае кола праведзена далёка ад ідэалу, аднак з досведу мінулага сезону мы памятаем, што каманда Юрыя Канаплёва значна лепей правяла другую палову чэмпіянату.