У кубках Беларусі аршанцы рэдка радавалі сваіх прыхільнікаў, таму перамога над мазырскай "Славіяй" і выхад у 1/8 фіналу сталіся нечаканымі і прыемнымі для ўсіх, хто перажывае за каманду. Праўда, лёсаванне не было спрыяльным для "сіня-белых", у супернікі на гэтай стадыі ім выпаў фіналіст мінулага Кубка салігорскі "Шахцёр". Клуб, які хоць і няўдала, але штогод выступае ў еўрапейскіх кубкавых турнірах на правах адной з наймацнейшых каманд Беларусі.
Перад гульнёй у Салігорску аршанцы страцілі левага абаронцу Кірыла Пячэніна, які сышоў у наваполацкі "Нафтан", а таксама нападніка Аляксандра Гаўрушку, які пакінуў клуб яшчэ раней. Ёсць інфармацыя, што ў Салігорску не згуляе і капітан "Оршы" Уладзіслаў Знак. Што датычыцца салігорцаў, то яны за некалькі дзён да сустрэчы з аршанцамі змянілі галоўнага трэнера. Замест Алега Кубарава "шахцёраў" узначаліў польскі спецыяліст Марэк Зуб.
Раней "Шахцёр" і "Орша" ў гісторыі чэмпіянатаў і кубкаў незалежнай Беларусі не сустракаліся. Матч пройдзе 23 ліпеня на стадыёне "Будаўнік" у Салігорску. Пачатак а 18:00.