У 1/8 фіналу футбольны клуб "Орша" стаўся адзіным клубам не з вышэйшай лігі, які дайшоў да гэтай стадыі. Выпрабаванне салігорскім "Шахцёрам" прайсці было цяжка, улічваючы рэзкія кадравыя перастаноўкі ў клубе. Адразу трое новых футбалістаў у стартавым складзе, якія раней выступалі за дубль "Віцебска" не маглі не ўнесці ў гульню каманды новыя ноткі. Але была небяспека, што будзе і дысананс - першая гульня з новымі партнёрамі. Як і чакалася, большасць гульнявога часу "Орша" абаранялася. Але першую небяспечную атаку правялі менавіта "сіня-белыя", тады Волкаў не змог перагуляць брамніка салігорцаў Караджава. І наступіла адплата — харвацкі легіянер "Шахцёра" Црэпуля дакладна стрэліў на 16-й хвіліне. У далейшым толькі самаадданая гульня Харытонава не дазволіла гаспадарам поля доўга павялічыць лік. Але на першай кампенсаванай да першага тайму хвіліне Лісаковіч усё ж падвоіў яго.
На самым старце другога тайму Янушкевіч забіў трэці гол, і пасля гэтага аршанцам доўга ўдавалася паспяхова ліквідаваць атакі "жоўта-чорных". Шкада толькі, што ў саміх у атацы перастала атрымлівацца вастрыня, ды і пераходзіла каманда наперад у поўнамаштабную атаку рэдка. У канцы матчу аршанцы не вытрымалі націску "Шахцёра" і пачалі прапускаць мячы адзін за адным. Канчатковы лік 6:0 на карысць "Шахцёра", і аршанцы развітваюцца з Кубкам краіны.
Кубак Беларусі. 1/8 фіналу. Шахцёр (Салігорск) — Старт (Орша) — 6:0 (2:0)
Шахцёр (Салігорск): Караджаў, Матвейчык, Янушкевіч, Аляхновіч (Зламысліч, 46), Януш (Лапцеў, 46), Бугарыч (Бурко, 63), Црэпуля, Рыбак (к), Кавалёў, Бардачоў, Лісаковіч.
Старт (Орша): Харытонаў, Мінянкоў, Мараў, Вараб'ёў, Волкаў (Пракопчык, 74), Салодкін, Казарэз, Хількевіч, Шчарбакоў (Жалезнікаў, 71), Краўчук (к), Хадневіч (Кітаёў, 86).
Галы: 1:0 - Црэпуля (16), 2:0 - Лісаковіч (45+1), 3:0 - Янушкевіч (49), 4:0 - Црэпуля (77), 5:0 - Лапцеў (79), 6:0 - Хількевіч (88, аўтагол).
Папярэджанне: Мінянкоў (42).
Пасля матчу каментар таму, што адбылося даў галоўны трэнер "Оршы" Юрый Канаплёў:
Што каментаваць, калі гуляеш з камандай, якая ў некалькі разоў класней, мацней па ўсіх паказчыках. Вядома, маглі ўперціся, калі б яшчэ крыху шанцавання, тады так. Плюс выкарыстоўвалі б тыя моманты, якія былі. Магло па-іншаму ўсё складацца. З чым мы сутыкнуліся? Сёння прыехала 15 чалавек, з якіх 5 чалавек 97-99 года. Першы раз разам выйшлі на поле. Так атрымалася, што хтосьці сышоў у іншую каманду, хтосьці траўмаваны, у кагосьці вяселле. Таму... 6-0 вядома зашмат, але што маглі тое і рабілі. Некалькіх хлопцаў з дубля "Віцебска" заявілі за нас літаральна за два дні да гульні. Маглі ўперціся. Плюс шанцаванне. Усё заканамерна, магу пафіласофстваваць - для кагосьці гэта будзе навука. Некаторыя крыўдзяцца: "Чаму я не гуляю ў вышэйшай лізе?". Я ім перад гульнёй кажу, чаму вы не гуляеце. Гэта навука, каб яны глядзелі на сябе рэальна. Усё нармальна!