Праект газеты "Прессбол" пад назвай "Девушки против" знаёміць сваіх чытачоў з дзяўчынамі, якія паспяховыя ў спорце, а таксама вылучаюцца сваёй прыроднай прыгажосцю. У чарговы выпуск праекту трапіла аршанка Дзіяна Хмылова. У чэрвені ў складзе "Вікторыі" са Смалявічаў яна стала чэмпіёнкай Беларусі па хакеі на траве. У інтэрв'ю Дзіяна распавяла, як прыйшла ў хакей на траве. Высветлілася — прасцей не прыдумаеш. Проста дзяўчына жыла побач са стадыёнам і неяк гуляла з хлопцамі ў футбол. Усё адбывалася яшчэ ў роднай Оршы. Там яе заўважыў трэнер і запрасіў на трэніроўку па хакеі на траве. Калі дзяўчына прыйшла, трэнер патлумачыў, як працаваць з клюшкай і як біць ёй па мячы ў гэтым відзе спорту.
Закруціліся трэніроўкі, і дзяўчына занялася хакеем на траве сур'ёзна. Першыя трэніроўкі адбываліся на натуральнай траве, потым у Оршы на стадыёне ільнокамбіната пасцялілі штучны газон. Пры гэтым кар'еры Дзіяны Хмыловай паспрыяў выпадак — быў такі момант, калі трэнеры вырашалі, браць дзяўчыну ў каманду ці не браць. Але вялікай кар'еры ў Оршы не пабудуеш — каманды майстроў па хакеі на траве ў нашым горадзе няма, таму калі Хмылова праявіла сябе на спаборніцтвах, яе запрасілі выступаць за баранавіцкі "Тэкстыльшчык". Трэніравалася яна па-ранейшаму ў Оршы, а на гульні ў Баранавічы ездзіла з яшчэ адной аршанкай Марынай Нікіцінай. Затым паўстаў выбар больш сур'ёзнага клуба, а гэта якраз смалявіцкая "Вікторыя" і гарадзенскі "Рытм", якія пастаянна аспрэчваюць чэмпіёнскі тытул. Дзіяна абрала калектыў са Смалявічаў.
Поўнае інтэрв'ю і некалькі фота сэксуальнай аршанкі даступныя па спасылцы.