Беларуская чыгунка выканала свае абяцанні па забеспячэнні бясплатнага доступу да сеткі інтэрнэт на 19 чыгуначных вакзалах краіны. Бясплатны доступ да інтэрнэта з'явіўся і на вакзале ў Оршы. Ва ўсіх пачакальнях і холах па Беларусі зроблены 103 кропкі доступу, а ў Менску і Берасці яшчэ і ў пакоях адпачынку. Намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр Казачок адзначыў, што да Wi-Fi можа далучыцца і любы замежнік, дзеля гэтага не трэба набываць сім-картку беларускага мабільнага аператара. Для доступу ў інтэрнэт трэба прайсці няхітрую аўтарызацыю з дапамогай СМС, які можа прыйсці на любы нумар любога аператара.
Скарыстацца бясплатным Wi-Fi на беларускіх вакзалах можна пасля пацверджання асобы: карыстальнік уводзіць нумар свайго мабільнага тэлефона ў спецыяльнае поле, пасля гэтага атрымлівае СМС з паролем для ўваходу ў сетку. Аўтарызацыя дзейнічае 24 гадзіны.