Праект газеты “Прессбол” распавядае пра дзяўчын, якія займаюцца спортам, пра іх шлях у спартовыя клубы, асабістае жыццё, жыццёвыя мэты. Раней праект распавёў пра Дзіяну Хмылову, цяпер пра Ганну Дакутовіч. Таксама прадстаўніку хакею на траве. І таксама аршанку!
Ганна Дакутовіч пачала трэніравацца ў роднай Оршы, паралельна з трэніроўкамі па хакеі на траве былі заалагічны гурток і музычная школа. Але спорт пераважыў у гэтым змаганні, і дзяўчына паглыбілася ў заняткі хакеем. У 16 гадоў паўстаў выбар – пераязджаць з Оршы і займацца хакеем на траве прафесійна, альбо пераходзіць у нейкую іншую сферу, бо ў нашым горадзе, на жаль, няма прафесійнага клуба ў дадзеным відзе спорту. Ганна абрала пераезд у Гародню і пачала выступаць за мясцовы “Рытм”. З ім у мінулым сезоне яна прайграла фінальнае змаганне за залатыя медалі чэмпіянату Беларусі (а Дзіяна Хмылова якраз дапамагла ў гэтым, бо выступае за “Вікторыю” са Смалявічай — суперніка “Рытма” па фінале), затое выйграла Кубак краіны.
Таксама Ганна Дакутовіч выступае і за нацыянальную зборную Беларусі па хакеі на траве. Але пэўны час аршанка адсутнічала ў “Рытме” і зборнай з паважнай прычыны — яна стала мамай. Цяпер ужо выйшла з дэкрэтнага адпачынку, выхоўвае дзіця. 25-гадовая Ганна актыўна вучыць ангельскую мову, па адукацыі яна менеджар па турызме. Пасля заканчэння кар’еры ў хакеі на траве збіраецца ўладкавацца па спецыяльнасці. Падрабязней размову з Ганнай Дакутовіч можна прачытаць па спасылцы.
А таксама можа паглядзець фотаздымкі дзяўчыны, якія рабіла прэс-служба гарадзенскага “Рытму”.