Аршанскія футбалісты накіруюцца ў Пінск, дзе на мясцовым стадыёне 5-га жніўна а 18:00 правядуць паядынак з мясцовай "Хваляй". "Хваля" толькі на адзін пункт апярэджвае клуб нашага горада, маючы 19 супраць 18 у аршанцаў. Адпаведна, 9 і 11 месцы ў турнірнай табліцы. Клубы сустрэліся ў першым туры сёлетняга чэмпіянату, тады аршанцы на сваім полі саступілі 1:2.
Усяго паміж сабой "Орша" і "Хваля" правялі 11 матчаў. На дадзены момант 7 перамог атрымалі пінчукі, 4 аршанцы. Розніца галоў - 20:15 на карысць "Хвалі".
Аршанцы перад стартам другой паловы сезону страцілі шэраг важных гульцоў. Аляксей Плясуноў і Кірыл Пячэнін перайшлі ў наваполацкі "Нафтан", Глеб Жалезнікаў працягне кар'еру ў "Асіповічах", а Міхаіл Краўчук у менскім "Промні". Акрамя таго, ёсць інфармацыя, што з камандай у Пінск не паедзе нападнік Аляксей Хадневіч, які таксама збіраецца сысці з каманды. Па непацверджанай пакуль інфармацыі, у клуба істотна скарочана фінансаванне.