Матч 16-га туру чэмпіянату Беларусі ў І лізе ў Пінску паміж "Хваляй" і "Оршай" скончыўся поўным разгромам гасцей. Ужо на 12-й хвіліне лідэр "Хвалі" Сяргей Валадзько адкрыў лік. На 21-й Татарэвіч, на 42-й зноў Валадзько, і вось "Хваля" вядзе 3:0. Аршанцы спрабавалі змяніць сітуацыю на полі, але ўдары, у тым ліку Хадневіча са штрафнога, ішлі міма брамы пінчукоў.
А ў другім тайме ціск палешукоў не зменшыўся. Курган і Паўлюковец забілі Харытонаву яшчэ пару разоў. Пасля таго як лік стаў 5:0, на стадыёне "Хваля" ўключылі знакаміты хіт гурта "Чайф" "Аргентина — Ямайка". Але "Ямайку" зладзіць гаспадарам поля не ўдалося. Навічок аршанскай каманды Васіль Антоненка выйшаў на замену, і праз 14 хвілін забіў гол. Гэта было ўжо на 90+1 хвіліне матчу. Перамога "Хвалі" 5:1, "Орша" апускаецца на 12-е месца. Перавага "сіня-белых" над зонай вылету з І лігі складае 5 пунктаў.
Орша: Харытонаў, Мінянкоў, Пракопчык (Антоненка, 77), Салодкін, Вараб'ёў, Мараў, Жданок (Волкаў, 76), Хількевіч, Шчарбакоў, Знак (к), Хадневіч (Кітаёў, 72).