Скончылася нашумелая гісторыя вакол мінулагодняга футбольнага матчу "Смаргонь" — "Орша". Нагадаем, тады высветлілася, што галоўны трэнер "Смаргоні" Мікалай Рындзюк даў хабар главе дэпартаменту судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэю Жукаву. Таго ў выніку на 5 гадоў адправілі за краты, а самому Рындзюку паказалі, што за каньяк і еўра прасіць прызначаць на матчы свайго клуба "патрэбных" суддзяў не варта. Трэнера прысудзілі тады да 2 гадоў папраўчых работ. Пра тую сітуацыю падрабязна пісаў і наш сайт.
Цяпер паводзінам Рындзюка, які спадзяваўся вярнуцца ў вялікі футбол пасля скандалу, дадзена прававая ацэнка і з боку кантрольна-дысцыплінарнага камітэта Асацыяцыі Беларуская федэрацыя футбола. Прынята рашэнне адхіліць Рындзюка ад любых пасадаў, звязаных з футболам, на 2 гады. Такім чынам, 2 гады Рындзюк будзе наведваць папраўчыя работы і столькі ж часу не зможа займаць ніякіх пасад у футболе.