Абедзьве беларускі ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане прабіліся ў паўфінал. Эльвіра Герман паказала ў сваім забегу час 13,01 і з 4-га месца выйшла ў паўфінал.
Падрабязней спынімся на выступленні аршанкі Аліны Талай. Аліну нечакана праігнаравалі арганізатары спаборніцтваў. Так, сёлета беларуска не паказвала неверагодных секундаў, але ўсё ж была 2-й па агульных выніках за кар'еру сярод усіх, хто выйшаў на старт у 3-м забегу. І, акрамя таго, Талай прыехала ў сталіцу Брытаніі ў рангу бронзавай прызёркі мінулага чэмпіянату свету. Аднак арганізатары чэмпіянату свету ў Лондане не палічылі патрэбным прадставіць беларуску асобна, затое назвалі, напрыклад, бягуху з Багамскіх выспаў, адзначыўшы, што яна чэмпіёнка Багамаў. Фактычна, забыліся на бронзавы медаль мінулага чэмпіянату свету. Імаверна, гэта дадало злосці Талай, і яна цудоўна правяла свой забег. Перамагла ў ім з вынікам 12,60 амерыканка Кендра Харысан, а вось Талай была другой з паказчыкам 12,88, што стала яе лепшым вынікам у сезоне. На фотафінішы за 2-е месца Аліна апярэдзіла Янік Томпсан з Ямайкі. Зрэшты, гэта ўжо мала ўплывала на што-кольвечы.
Такім чынам, па выніках забегаў, у Талай 8-е месца, у Герман 17-е. Абедзьве беларускі стартуюць у паўфіналах. Паўфіналы пачнуцца ў 21:05 па беларускім часе.
За паўфіналамі можна назіраць па шматлікіх каналах. Па тэлеканале "Беларусь 5", на ютуб-трансляцыі і па радыё-трансляцыі.