У 17-м туры чэмпіянату Беларусі ў Першай лізе ФК "Орша" сустракаўся з "Энергетыкам-БДУ" з Менску. Гульня на Гарадскім стадыёне праходзіла ва ўмовах сур'ёзнай спёкі і больш людзей можна было бачыць на пляжах за стадыёнам паабапал Дняпра, чым на арэне. Верагодна, некаторыя аршанцы аддалі ў гэты дзень перавагу хакею, бо матч Кубка Беларусі пачынаўся паралельна з футболам. Так ці іначай, людзей на стадыёне сабралася няшмат, затое яны пабачылі перамогу "сіня-белых" над гасцямі са сталіцы. Аршанцы з самага пачатку сустрэчы пачалі атакаваць і за першы тайм маглі некалькі разоў засмуціць галкіпера гасцей. Але ўдалося зрабіць гэта толькі перад самым перапынкам - на 45-й хвіліне ўдала завяршыў камбінацыю каманды навічок "Оршы" Аляксандр Сазанкоў. Колішні нападнік магілёўскага "Дняпра", менскага "Дынама" і гданьскай "Лехіі" паспяхова зарыентаваўся ля чужой брамы - 1:0! У пары з Сазанковым у атацы востра дзейнічаў яшчэ адзін навічок каманды, экс-гулец "Віцебска" і футбаліст моладзевай зборнай Беларусі Азам Раджабаў.
У другім тайме аршанцы як ні намагаліся, а павялічыць лік не здолелі. Зрэшты, не забілі і госці. У канцы сустрэчы брамнік "Энергетыка" быў выдалены з поля, а ў аршанцаў на поле выйшлі Мікалай Кітаёў і Аляксей Хадневіч. Азам Раджабаў у адным з сутыкненняў атрымаў траўму і пакінуў поле. Матч так і скончыўся мінімальнай перамогай "Оршы". Каманда набрала 21 пункт і паднялася на 11-е месца ў табліцы.