У Оршы 8 жніўня ў касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі адбылося адкрыццё трохдзённай Парафіяды "Святыня - тэатр - спорт" з удзелам падлеткаў з Ваўкалатаў, Пагошча, Мёраў, Глыбокага, Дуброўны, Новалукомля, Чашнікаў. У пачатку Парафіяды прайшла святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У касцёл сцяг Парафіяды ўнеслі навучэнцы патрыятычнага класа адной з аршанскіх школ, апранутыя ў ваенную форму, паведамляе catholic.by. Звяртаючыся да моладзі, біскуп нагадаў, што быць хрысціянінам - значыць, быць сведкам Ісуса Хрыста, абвяшчаць Слова Божае, карыстаючыся талентамі, атрыманымі ад Бога.
У заключэнне набажэнства да моладзі звярнуўся айцец Гжэгаж Ксёнжэк - ганаровы прадстаўнік Таварыства Парафіяды ў Варшаве. У Оршу ён прыехаў у якасці назіральніка.
Пасля Імшы ля касцёла адбыўся канцэрт гурта "Laudans".
Арганізатарам Парафіяды ў Віцебскай дыяцэзіі з'яўляецца ксёндз Валерый Орсік. Цяперашняя праводзіцца ў трэці раз і прысвечана 100-годдзю фацімскіх з'яў Божай Маці. На працягу парафіяды ўдзельнікаў чакаюць конкурсы рэлігійнай песні, спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя прадстаўленні і іншае.