Аліна Талай заняла 6-е месца ў бегу на 100 метраў з бар'ерамі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Лондане. Пасля чэмпіянату яна распавяла, што напярэдадні змаганняў перанесла вірус і магла наогул не выйсці на старт.
Беглася, у прынцыпе, нядрэнна. Я задаволеная, што ўдалося паказаць Season best. Напэўна, гэта максімум з таго, што я магла паказаць на гэтых спаборніцтвах. У мінулы раз не хацела казаць, але пяць дзён таму я перанесла ротавірусную інфекцыю, калі наогул думала, што ўжо не выйду на старт. Таму задаволеная. Тым больш, у такой кампаніі шостае месца!
Вядома, калі ты на стадыёне, табе хочацца яшчэ больш, яшчэ лепш! Але трэба крыху цярпення. Думаю, у наступным годзе ўсё атрымаецца. Яшчэ ў мяне будзе два старты наперадзе, але ўжо магу сказаць, што гэта быў самы складаны сезон у маім жыцці. Раней, калі я яшчэ не бегла стабільна 12.7, калі ў мяне таксама былі некаторыя праблемы са здароўем, з вынікам 12.9 - гэта было ўсё-такі не тое. Тады я не думала, што магу бегчы 12.7-12.6 практычна кожныя спаборніцтвы. А зараз я ведаю, што магу бегчы хутчэй, але нешта не атрымліваецца, перадае словы Талай bfla.eu.
Я перарабіла такі аб'ём работы - гэта вельмі цяжкі сезон. Калі прыехала ў Лондан, нават не чакала, што дайду да фіналу, натуральна, разумею, што я не ў сваёй аптымальнай форме. Але ў такой кампаніі патрапіць у фінал! У прынцыпе, я сабой ганаруся! Вядома, ёсць некаторыя моманты, якія мы з трэнерам абмяркоўвалі, над чым трэба працаваць. Але пераход на яго методыку займае ад года да 1,5 гадоў, таму што ў яго ў трэніровачным працэсе ўпор больш на нервова-цягліцавую дзейнасць, чым на метабалічныя працэсы. Таму трэба час. Я з аптымізмам гляджу ў будучыню і не збіраюся заканчваць кар'еру, хоць некаторыя і спісваюць мяне з рахункаў, можа быць, і думаю, што ўжо ўзімку змагу парадаваць вынікамі. Так што дзякуй усім!