Ініцыявала кампанію па паляпшэнні вуліцы актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алена Кучынская, якая жыве ў гэтым жа раёне. Як мясцовы жыхар яна і сама карыстаецца вуліцай і ведае якія праблемы пры гэтым карыстанні ўзнікаюць: лужы, нават, у адносна сухое надвор'е, тратуар вузкі і толькі па адным баку вуліцы. Пры гэтым, жыхары мікрараёна шмат карыстаюцца Гомельскай як на аўтатранспарце, так і пешкам, бо тут размешчаны новы касцёл і бліжэйшы гандлёвы цэнтар.
Як распавяла сама Алена Кучынская, яна "хадзіла ў выканкам па гэтым пытанні, але адказ стандартны - няма грошай. На Копысь грошы ёсць, а на Оршу - няма". У выніку, актывісты вырашылі паказаць актуальнасць праблемы не толькі для іх і распачалі збор подпісаў. На сёняшні дзень калектыўны ліст ад жыхароў раёна з просьбай адрамантаваць вуліцу знаходзіцца ў выканкаме.
Раней такім жа чынам актывісты АГП дамагліся падсыпкі вуліцы Беларускай, што вырашыла многія праблемы гэтай вуліцы. Праўда, на тое, каб дамагчыся падсыпкі давялося займацца пытанне амаль 10 гадоў.