Прайшло ўжо 10 дзён з таго часу як ў Белавежскай Пушчы згубіўся 10-гадовы Максім Мархалюк. Яго пошукі пераўтварыліся ў агульнарэспубліканскую акцыю. Так, на нядаўнія выходныя на пошукі накіраваліся больш за 2.000 чалавек адначасова. Далучыліся да акцыі і аршанцы, якія змаглі паехаць у Гродненскую вобласць.
Тыя ж хто не змог накіравацца непасрэдна на пошукі дзіцёнка, арганізавалі ў Оршы расклейку аб'яваў пра зніклага хлопчыка. Улёткі з фотаздымкам Максіма з'явіліся ў раёне чыгуначнага вакзалу, на аўтобусных прыпынках і ў некаторых маршрутных таксі. Канешне, сумніўна, што Максім Мархалюк нейкім чынам апынецца ў Оршы - валанцёры на гэта і не разлічваюць. Такім чынам яны, хутчэй, выказваюць сваю салідарнасць з тымі хто непасрэдна задзейнічаны ў пошуках і актуалізуюць праблему для абыякавых аршанцаў.
Дарэчы, сёння Следчы камітэт завёў крымінальную справу па факце знікнення Максіма, бо прайшло 10 дзён і па законе гэтага дастаткова, каб фармальна распачалася крымінальная справа. Але асноўная версія якую разглядае міліцыя так і застаецца - хлопчык заблукаў спужаўшыся зуброў.