Такія дадзеныя прадастаўляе лабараторыя транспамежнага забруджвання Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай Акадэміі навук. Паводле прааналізаваных дадзеных Сусветнай арганізацыі здароўя, Беларусь уваходзіць у тройку краін па адноснай смяротнасці ад хвароб, выкліканых забруджаным паветрам. Напрыклад, у 2012 годзе ад такіх хваробаў памерлі 100 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Забруджанае паветра выклікае інсульты, рак лёгкіх і разнастайныя сардэчна-сасудзістыя захворванні. Найбольш уплываюць на стан здароўя чалавека прыземны азон і цвёрдыя часціцы. Апошнія, па сутнасці, пыл, у Оршы складае 15% ад гранічна дапушчальных значэнняў. Гэта 8-е месца па забруджанасці па краіне. Наш горад на 5-й пазіцыі па дзіаксідзе азоту (73%, што не перавышае норму).
Асноўныя праблемы ў Оршы з аксідам вугляроду, іншымі словамі угарным газам (СО). Ён утвараецца ў выніку няпоўнага згарання выкапнёвага паліва пры недахопе кіслароду і нізкай тэмпературы. Зніжае максімальную фізічную працаздольнасць, а таксама негатыўна ўплывае на людзей з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. У гэтым сумным рэйтынгу Орша на 2-м месцы па краіне, паказчык знаходжання ўгарнага газу ў паветры шматкроць перавышае норму і складае 213% ад нормы. Адзіны горад, дзе сітуацыя з аксідам вугляроду яшчэ горшая — Бабруйск.
Праблема яшчэ і ў тым, што не ўсе шкодныя рэчывы адчуваюцца чалавекам і тым больш бачныя ягонаму воку. Адчуваюцца, напрыклад, фармальдэгіды, а вось многія іншыя шкодныя рэчывы не адчуваюцца чалавекам ні візуальна, ні паводле паху.
Інфармацыю па забруджанні паветра публікуе Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, які рэгулярна абнаўляе дадзеныя па розных гарадах. Калі дадзеныя менш за 1, тады ўсё ў парадку, калі перавышае адзінку, тады назіраюцца праблемы.
Спецыялісты не рэкамендуюць актыўна займацца на адкрытым паветры, калі фіксуецца перавышэнне нормы забруджвання. На забруджванне паветра ўплывае мноства фактараў: выкіды прамысловых прадпрыемстваў, планіроўка горада, тое, як выкіды размяркоўваюцца ў паветры і як рэчывы ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, цыркуляцыя атмасферы.