Аршанскі валейбольны клуб "Узлёт" прайграў абодва матчы лідэру 1- лігі чэмпіянату Беларусі "Атланту-Д" з Паставаў. У першай сустрэчы наша каманда прайграла суперніку 1:3 (20:25, 18:25, 25:23, 19:25). Ва ўсіх сэтах была сур'ёзная барацьба, але часцей за ўсё пастаўцы вырывалі перамогу.
У другой сустрэчы аршанцы годна біліся за перамогу ў двух партыях, але абодва разы нашай камандзе не хапала зусім крыху для выйгрыша. Першы сэт стаў звышупартым, яго "Узлёт" прайграў на тай-брэйку з надзвычай рэдкім для валейбола лікам 32:34. Наступная партыя была прайграна 20:25, а ў трэцім сэце "Узлёт" змірыўся з паразай, бязвольна саступіўшы 13:25. Вынік - 0:3.
Наперадзе ў аршанцаў яшчэ чатыры паядынкі, а два бліжэйшыя пройдуць 5 і 6 красавіка ў родным горадзе ў спарткомплексе на вуліцы Якубоўскага. Супернікам будзе менскі МАПІД.
На дадзены момант лідзіруе ў лізе "Атлант-Д". Пастаўская каманда набрала 62 балы. На 2-м радку ідзе МАПІД з 61. "Узлёт" займае 3-е месца з 44-ма пунктамі, каманда выйграла 16 паядынкаў і прайграла 8. Дзве паразы ў Паставах дазволілі "Лакаматыву" з Баранавічаў скараціць адставанне ад аршанцаў, набраўшы 42 балы.