Здарэнне адбылося ў першай школе г. Дуброўна. Гэтая тая самая школа, якую не паспявалі здаць у тэрмін перад Дажынкамі. У выніку для таго каб дарабіць рамонт у школе былі мабілізаваныя і бацькі і настаўнікі іншых школаў. Сказаць, што ў здарэнні вінаваты менавіта неякасны рамонт пакуль нельга - справай займаецца Следчы камітэт, які і павінен даць поўную ацэнку здарэнню.
Пра здарэнне падрабязна распавяла на сайце Следчага камітэта афіцыйны прадстаўнік СК па Віцебскай вобласці Святлана Сахарава. Па яе інфармацыі ўсё адбылося ў пятніцу 18 лістапада каля 15-50. 11-гадовы хлопчык гуляў з сябрамі ў футбол у спартовай залі школы №1 (па нашай інфармацыі там праходзілі заняткі футбольнай секцыі). Хлопчык стаяў на пазіцыі брамніка і калі чарговы мяч ляцеў у сетку, як сумленны брамнік ён паспрабаваў адбіць гол. Удар, праўда, атрымаўся такі, што нага хлопчыка заблыталася ў сетцы, а сам хлопчык упаў. За хлопчыкам прама на яго звалілася і ўся канструкцыя брамаў. У выніку хлопчык быў дастаўлены ў аршанскую бальніцу з пераломам нагі і змяшчэнне абломкаў косткі.