Вядомы віцебскі праваабаронца Павел Левінаў даўно вядомы сваёй дзейнасцю. Ён часта падбірае арыгінальныя спосабы, дзякуючы якім раскрывае абсурднасць рашэнняў улады. Менавіта гэтаму і прысвечаны фільм, створаны Вікторыяй Дашкевіч, Аленай Сцяпанавай і Аляксандрам Зянковым. Пачынаецца ён з таго, што нехта ў касцюме Дзеда Мароза, пазней высветліцца, што гэта і ёсць сам праваабаронца, ходзіць па зялёным лузе. Рэзкі кантраст паказвае і дзейнасць Паўла Левінава, які ўмела "троліць" уладу. У фільме паказваецца і праца Паўла Левінава з лістамі, са зваротамі ў суд, з людзьмі. А таксама пра дзейнасць Паўла Левінава распавядаюць шматлікія журналісты, юрысты, звычайныя грамадзяне, якія працавалі з героем стужкі, у прыватнасці, Леанід Судаленка, Вольга Радзюк, Алесь Бяляцкі і шэраг іншых людзей.
Павел Левінаў, Вікторыя Дашкевіч, Алена Сцяпанава, Аляксандр Зянкоў.
Выступае ў кіно і сам Павел Левінаў, ён распавядае пра тое, чаму пачаў паказваць абсурднасць улады праз розныя звароты да яе. У прыватнасці, аднойчы ён распісаў маршрут адзіночнага шэсця ад пункту А ў пункт Б, дзе пунктам А быў яго дом, а пунктам Б — бліжэйшая прадуктовая крама. Аднак мясцовыя ўлады забаранілі адзіночнае шэсце, фактычна забараніўшы Паўлу Левінаву ісці з дома ў краму па прадукты. За два апошнія дзесяцігоддзі мясцовыя ўлады Віцебска не далі дазволу ні на адну грамадскую акцыю. Сітуацыя з забароненым паходам у краму з пакетам толькі паказала, што ўлады забараняюць усё запар, не разбіраючыся ў кожнай сітуацыі паасобна.
У фільме праваабаронца адзначыў, што ў яго няма паняцця "выходны", і нават калі ён выязджае за горад адпачыць на лецішчы, усё адно пэўны час працуе, бо "наша ўлада парушае правы чалавека без выходных".
Пасля паказу фільма Павел Левінаў адказаў на пытанні прысутных, а іх на паказе сабралася многа. Таксама былі і смешныя моманты. Напрыклад, праваабаронца распавядаў пра тое, як падаваў заяўку ў выканкам на правядзенне сходу ў грамадскай лазні. Але віцебскія ўлады, не адчуваючы нават іроніі ды абсурднасці, забаранілі акцыю! Тады Левінаў знайшоў выйсце з сітуацыі: ён склаў пратакол мерапрыемства з асобамі, якія прысутнічалі на сходзе ў мужчынскім аддзяленні грамадскай лазні, і накіраваў яго да мясцовых уладаў з патрабаваннем пакараць сябе самога за "несанкцыянаваную акцыю". Адказ чыноўнікаў быў смяшнейшы за надрукаваныя жарты ў газеце "Анекдоты. Сканворды". Зноў не разумеючы ніякай іроніі, чыноўнікі напісалі, што "чыста выпадкова" ў лазні адначасова са сходам мыліся два супрацоўнікі міліцыі, якія нічога кепскага не заўважылі. Юрыст праверыў міліцыянтаў і высветлілася, што абодва згаданыя міліцыянты ў той вечар, калі адбываўся сход у лазні, мусілі дзяжурыць. Адпаведна, атрымліваюцца два варыянты: альбо чыноўнікі хлусяць, альбо міліцыянты ў працоўны час, з табельнай зброяй замест дзяжурства ходзяць папарыцца ў лазні. У адказ на просьбу правесці праверку, улады зрабілі адпіску, маўляў, пераблыталі супрацоўнікаў.
Ён такі, Павел Левінаў.