Народныя беларускія традыцыі Калядаў сягаюць каранямі ў мінулыя стагоддзі. Калядоўшчыкі і розныя персанажы існавалі вельмі і вельмі даўно. А нацыянальныя звычаі знайшлі сваё адлюстраванне і ў цяперашнім святкаванні дня. Большасць хрысціянаў 25-га снежня святкуе Раство Хрыстова. А ў цэлым у гэты дзень Раство святкуюць не толькі ўніяты (грэка-каталікі), рыма-каталікі і пратэстанты, але і праваслаўныя цэрквы кананічнага тыпу. Гэта Канстанцінопальская (апроч Афона), Албанская, Антыяхійская, Александрыйская, Кіпрская, Балгарская, Румынская, Чэшская і Славацкая, Эстонская апостальская, Эладская (Грэчаская) праваслаўныя цэрквы.
У Беларусь 19 снежня, напярэдадні свята Нараджэння Хрыстова, прывезлі Віфлеемскі агонь. Спачатку яго даставілі на беларуска-польскую мяжу, пасля – ў катэдральны каталіцкі касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гародні. Яго можна было назіраць да Вігіліі ўва многіх храмах Беларусі.
Рэдакцыя сайту Orsha.eu сардэчна віншуе ўсіх сваіх чытачоў, якія сёння святкуюць Божае нараджэнне, з гэтым светлым святам! Жадаем, каб у вашых душах заўсёды было святло!