Жыхары Оршы і Барані яшчэ добра памятаюць той бравурны аптымізм, які суправаджаў будоўлю стагоддзя ў Барані. Як жа! Будуецца міні -ЦЭЦ па самых перадавых тэхналогіях, будзе выкарыстоўваць мясцовыя віды паліва - торф з радовішча Усвіж - Бук Талачынскага раёна . Падрадчык будаўніцтва - вядомая аўстрыйская фірма «Цеплатэхніка» . Заказчык - РУП "Віцебскэнерга". Аб гэтай цуда-будоўлі казалі на радыё і тэлебачанні, пісалі ў мясцовых і рэспубліканскіх газетах. Ура ! Ура ! Ура !
І нарэшце станцыю пабудавалі і запусцілі . І ад ранейшага аптымізму не засталося і следу. Аказалася, што так званыя « мясцовыя віды паліва» , а прасцей кажучы Усвіж - Букскі торф не гарыць у катлах гэтай станцыі. Не гарыць і ўсё тут. Зусім не гарыць . Сталі высвятляць , у чым справа і аказалася , што станцыя разлічана на зусім іншы гатунак торфу, не падобны на Усвіж - Букскі . Але нашы заказчыкі - г.зн. то самае РУП « Віцебскэнерга » выдала аўстрыйцам няслушныя характарыстыкі торфу. Пад гэтыя характарыстыкі яны станцыю і пабудавалі , а ўжо потым аказалася , што характарыстыкі былі няправільныя.
Радовішча Усвіж - Бук эксплуатуецца доўгія дзесяцігоддзі . Тыя пласты, якія распрацоўваліся гадоў 50 таму мелі адзін склад торфу. А тыя, якія здабываюцца цяпер - ужо зусім іншы. Сённяшні торф мае меншае ўтрыманне вугляроду , больш высокую зольнасць і г.д. Але гора- спецыялістам з Віцебскэнерга і ў галаву не прыйшло , што неблага было б зрабіць фізіка- хімічны аналіз торфу. Замест гэтага, яны перадалі дадзеныя паўвекавой даўнасці. Гэта і аказалася катастрофай .
Да асаблівага жаху нашых энергетыкаў высветлілася , што пад сённяшні выгляд торфу пабудаваныя катлы нават немагчыма выправіць, ён патрабуе прынцыпова іншай тэхналогіі спальвання . Карацей, поўны прысуд.
Цяпер новая станцыя часова працуе на драўнянай дранцы. Гэта - прадукт лесанарыхтоўчай вытворчасці , але яго выпрацоўваецца зусім недастаткова для паўнавартаснага функцыянавання такой станцыі.
Па віне РУП « Віцебскэнерга » велізарныя сумы народных сродкаў апынуліся выкінутыя на вецер , выдаткаваныя на будаўніцтва вельмі дарагога і як аказалася зусім бессэнсоўнага збудавання . Ці адкажа за гэта хтосьці ?
Алесь Шутаў