Больш як год таму мы пісалі пра праблемы дома №32 па вуліцы Молакава. Тады жыхары звярнулі нашую ўвагу на праблемы з каналізацыяй - у падвале была пастаянная вільгаць, не рэдка цякла вада з каналізацыі, ды і ў пад'ездзе было нямала праблемаў. Тады камунальшчыкі ЖЭУ №5 адрэагавалі на публікацыю і літаральна за некалькі дзён змаглі навесці парадак як у падвале, так і ў пад'ездах дома. Але не прайшло і месяца, як каналізацыя зноў пацякла ў падвал. Як высветлілася, каналізацыі ў гэтым доме патрэбны не часовы рамонт, а паўнавартасная рэканструкцыя, і, не зважаючы на старанні камунальшчыкаў, іначай праблему не вырашыць. Па словах жыхароў дома, яны рэгулярна звяртаюцца да ЖЭУ№5, але прынцыпова праблему вырашыць не ўдаецца. Пра тую антысанітарыю, якая ўтварылася ў падвале дома, у якім жывуць і дзеці паведамлялі па тэлефоне і ў санстанцыю.
А праблема сур'ёзная — за прошлы год падвал стаў не проста волкім, а пакрыўся слоем фекаліяў, якія выцякаюць з каналізацыі - стала яшчэ горш, чым было раней (гэта звязана яшчэ і з сезонам). Вы самі можаце параўнаць сітуацыю ў падвале па стане на кастрычнік 2016 года і па стане на 2 студзеня 2018 года, калі былі зроблены новыя фотаздымкі.