Аршанскі мясакамбінат пачаў сваю працу 5-га студзеня 1930 года (на фота). На пачатку яго магутнасці былі разлічаныя на выпрацоўку 30 тонаў мяса і 8 тонаў каўбасных вырабаў за адну змену. А ўжо праз пяць гадоў на прадпрыемстве пачаў працу кансервавы цэх.
Але працаваць доўгія гады камбінату не ўдалося, пачалася ІІ Сусветная вайна, падчас якой прадпрыемства было цалкам зруйнавана і адноўлена толькі па вайне. У 1953 годзе мясакамбінат дасягнуў даваеннага ўзроўню. Далей камбінат разбудоўваўся і набываў новую тэхніку. Так, у 1960 годзе на ім быў збудаваны новы кансервавы цэх, а ў 1969 на прадпрыемстве быў усталяваны халадзільнік, у якім можна было зберагаць да 2 тысяч тонаў прадукцыі адначасова.
У 1998 годзе камбінат пераўтварылі ў акцыянернае таварыства. У апошнія гады ў жыцці прадпрыемства было ўсё — і адмоўныя моманты, і станоўчыя. З Беларусі пасля пагрозы ўзбуджэння крымінальнай справы збег экс-дырэктар прадпрыемства Аркадзь Няўсіхін (на фота).
Ён яшчэ ў лютым 2011 году, які быў абвешчаны Годам прадпрымальнасці, бадзёра распавядаў пра вялікія планы АМКК журналістам, але неўзабаве апынуўся за мяжой. Менавіта ён віншаваў работнікаў прадпрыемства з 80-гадовым юбілеем. Справа па Няўсіхіну і ўсе яе абставіны дагэтуль пакрытыя змрокам. У тым жа 2011-м, толькі ў траўні на мясакамбінаце адбыўся пажар, у якім загінулі чацвёра рабочых. Толькі праз тры гады скончыўся суд па справе пажару, галоўны інжынер, галоўны механік і майстар сваёй віны ў гібелі людзей не прызналі, але атрымалі турэмныя тэрміны ад 3 да 5 гадоў.
Ёсць што адзначыць і з пазітыўнага — камбінат у 2017 годзе пахваліў новы кіраўнік райвыканкаму Аляксандр Пазняк, работнікам, верагодна, будуць рабіць зніжкі ў фірмовых крамах па картках на атрыманне прадукцыі. Таксама на прадпрыемстве адкрыўся сучасны цэх кансерваў для дзіцячага харчавання (на фота).