У 2-м туры фінальнага этапу 1-й лігі чэмпіянату Беларусі па міні-футболе, на якім каманды змагаюцца за права гуляць у вышэйшай лізе ў наступным сезоне, "Экамол" з Аршанскага раёна пацярпеў паразу. Каманда адправілася ў недалёкія Горкі на сустрэчу з мясцовым аднаіменным клубам.
Ужо з самага пачатку гульня не задалася. За першыя 7 хвілінаў "Экамол" прапусціў ажно тройчы. Праўда, на 19-й хвіліне гульні лік стаў 4:3 дзякуючы двум галам Жалезнікава і аднаму Хоміча. Аднак за тым яшчэ адзін мяч "Горак", адказ Алфімцова - 5:4. Падавалася, што барацьба трывае. За 8 хвілінаў да заканчэння сустрэчы лепшы бамбардзір лігі - гулец "Экамола" Хоміч зрабіў лік 7:9, але пасля гэтага каманда ўжо не забівала. Дзеля таго, каб звесці матч унічыю, аршанцы пайшлі на рызыку. У міні-футболе дазваляецца выпускаць на пляцоўку пятага палявога гульца пры ўмове зняцця брамніка. Так "Экамол" і зрабіў. Але з-за гэтага не меў карысці, а наадварот - прапусціў тры мячы ў пустую браму. У выніку матч завяршыўся паразай "Экамола" 7:12.
Каманда з Аршаншчыны ўпала на 3-ці радок у табліцы, маючы 10 пунктаў. Гомельскае СМП-354 набрала 11, а "Горкі" выбіліся ў лідэры з паказчыкам 13 пунктаў. Наступную сустрэчу "Экамол" правядзе ў Оршы ў залі ДзЮСШ-2 5-га красавіка. Да "Экамола" ў госці прыедзе МКК-"Рагачоў". Пачатак гульні а 14-й гадзіне.