Дзяржаўныя газеты і інфармацыйныя агенцтвы ў 2017 годзе часта пісалі пра Аршанскі ільнокамбінат. У матэрыялах амаль не было крытыкі і адлюстравання некаторых падзей, што адбываюцца на прадпрыемстве. Незалежным журналістам дамагчыся візіту на прадпрыемства вельмі няпроста. Летась на камбінаце адміністрацыя анансавала стварэнне свайго пашыву адзення і правяла для журналістаў экскурсію па ільнокамбінату. Але пры гэтым нават у дзяржаўную прэсу прайшлі паведамленні пра частку заробку ручнікамі, а таксама пра востры недахоп якаснай сыравіны, што запавольвае мадэрнізацыю прадпрыемства.
Па інфармацыі, якую мае Orsha.eu, большая частка работнікаў ільнокамбінату з новага 2018 года працуе ў 4-дзённым рэжыме. На звыклыя аб'ёмы працы на камбінаце не хапае сыравіны. Як доўга на камбінаце будзе дзейнічаць 4-дзённы працоўны рэжым працаўнікам не паведамляюць.