Сяргей Далідовіч павінен быў стартаваць у гонцы з паасобным стартам вольным стылем на 15 кіламетраў. Аднак літаральна ўвечары напярэдадні гонкі па беларускім часе стала вядома, што Сяргей на старт не выйдзе, яго не паставілі ў заявачны ліст на гонку. Відаць па ўсім, Далідовіч працягвае адчуваць праблемы з бронхамі, з-за якіх не фінішаваў у спрынтарскай гонцы. Саму гонку выйграў швейцарац Дарыа Калонья, а лепшым з беларусаў стаў Міхаіл Сямёнаў, які фінішаваў 40-м.
Такім чынам, у аршанца застаюцца яшчэ дзве гонки, адна з якіх каронная. Спачатку будзе эстафета 4х10 км, яна прызначана на 18 лютага на 9.15. А затым будзе каронная гонка — марафон на 50 км. І будзе амаль тыдзень, каб падрыхтавацца — гонка прызначана на 24 лютага на 8.00 па беларускім часе. Застаецца спадзявацца, што Сяргею хопіць часу аднавіцца і правесці гонкі.