Кабылякі, дзе па розных ацэнках у часы сталінскіх рэпрэсій магло быць растраляна ад 300 да 3.000 чалавек, становяцца сапраўдным народным мемарыялам. Калі ў пачатку 90-х гадоў дваццатага стагоддзя помнікам апекавалася ўлада, то цяпер выключна грамадскія актывісты. Больш за тое, пару год таму родзічы ахвяраў рэпрэсіяў пачалі самі ўсталёўваць тут крыжы і шыльды з імёнамі загінулых. Цяпер тут з'явіўся яшчэ адзін адзін такі крыж. Хто і калі яго паставіў - для нас загадка. На крыжы прымацавана шыльда ў памяць Хадасевіча Франца Вікенцьевіча, які нарадзіўся ў вёсцы Адасеўшчына ў 1890 годзе, быў арыштаваны ў Дзяржынску 24 верасня 1937 года і растраляны 11 лістапада.
Мы праверылі, за што ж быў расстраляны і чаму менавіта ў Оршы родзічы загінулага паставілі крыж паводле адкрытага спіса беларускага "Мемарыялу". Сапраўды, у спісах растраляных такі чалавек ёсць. Нарадзіўся ён сапраўды ў вёсцы Адасеўшчына Мінскага раёна, беларус па нацыянальнасці, меў пачатковую адукацыю і працаваў у калгасе "Свабода". Абвінавачаны Франц Вікенцьевіч быў па фальшывым абвінавачанні ў шпіянажы на карысць польскай выведкі (звычайны прыгавор для Беларусі таго часу). Як адзначаецца ў спісе "Мемарыялу" месца пахавання Хадасевіча - Орша. У 1958 годзе растралянага селяніна рэабілітавалі. Той жа спіс гаворыць і пра яшчэ аднаго Хадасевіча, расстралянага і пахаванага ў Оршы, відавочна брата Франца Вікенцьевіча - Іосіфа Вікенцьевіча, запісанага палякам. Хаця ў спісе ў двух чалавек розныя нацыянальнасці можна дапускаць, што яны браты не толькі па тым, што ў іх аднолькавае імя па-бацьку, а яшчэ і таму, што нарадзіліся яны абодва ў Адасевічах. Іосіф быў непісьменым, працаваў у тым жа калгасе і арыштаваны ў той жа дзень па тым жа артыкуле - шпіянаж на карысць Польшы. Расстраляны ён разам з братам таксама 11 лістапада 1937 года.
Яшчэ адзін Хадасевіч у спісе, які стаў ахвярай вялікага тэрору - Станіслаў Вікенцьевіч, які нарадзіўся ў 1895 годзе ў вёсцы Падоркі Дзісенскага раёну. У дадзеным выпадку, бачна, гэта ўжо не родзічы Станіслаў быў адпраўлены ў ссылку ў Архангельскую вобласць у пасяленне Красты ў 1940 годзе. Далейшы лёс не вядомы.
І адзіная жанчына з прозвішчам Хадасевіч - Сцепаніда (імя па-бацьку не ўказана). Яна жыла ў вёсцы Калінаўка Шклоўскага раёну і ў 1930 годзе была раскулачана ды саслана ў Котлас. Рэабілітавана Сцепаніда была толькі ў 1992 годзе.