"Узлёт" адстойвае гонар Оршы ў 1-й лізе чэмпіянату Беларусі па валейболе. Сёлета каманда праводзіць даволі неблагі сезон, маючы шанцы на 3-ю пазіцыю ў табліцы. Аднак разам з добрай гульнёй у каманды ёсць і сур'ёзныя праблемы.
Нашаму сайту стала вядома, што гульцам ужо 4 месяцы не выплочваюць грошай. Больш за тое - на нядаўнія гасцявыя матчы ў Паставах, якія знаходзяцца больш чым за 240 кіламетраў ад Оршы, нашы валейбалісты ездзілі на маленькім мікрааўтобусе. Улічваючы той факт, што большасць гульцоў "Узлёта" - людзі высокага росту, як у валейболе звычайна і бывае, плюс каманда прыбыла на другі канец Беларусі непасрэдна перад матчам, - нічога дзіўнага ў тым, што пастаўцы перамаглі.
Цярпенне аршанцаў падыходзіць да заканчэння, цяпер валейбалісты пагражаюць тым, што "Узлёт" не выйдзе на матчы з мінскім клубам МАПІД.
Разнастайныя "ўгаворы" не павінны ўздзейнічаць на валейбалістаў. Пры такіх умовах ім трэба сказаць дзякуй за тое, што яны нягледзячы на праблемы гуляюць за горад апошнія тыдні. Але ўсяму ёсць мяжа, і цяпер валейбалісты маюць поўнае права самастойна прымаць рашэнні, выходзіць ім на паркет альбо не.
Гульні маюць адбыцца ў суботу і ў нядзелю ў Оршы ў спарткомплексе на вуліцы Якубоўскага. Сустрэча 5 красавіка пачнецца а 18:00. Ці не пачнецца?