Раней наш сайт пісаў пра дабрачынны аўкцыён, які лыжнік Сяргей Далідовіч зладзіў пасля вяртання з Алімпіяды. Таксама ў Сяргея засталіся грошы, якія яму пералічылі добраахвотна людзі яшчэ ўлетку 2017-га на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў. Усе сродкі, якія будуць заробленыя аўкцыёнам і тыя грошы, што засталіся пасля краўдфандынгавай кампаніі, Сяргей Далідовіч планаваў пералічыць на рахунак Андрэеўскага дзіцячага дома.
Але зараз высветлілася, што ў гэтай сітуацыі не ўсё так проста. Грошы раней былі абкладзеныя падаткам, у выніку з 30 тысяч заробленых краўдфандынгам грошай лыжнік мусіць заплаціць 3200 падатку. Аднак у заяве ў выканкам Далідовіч напісаў, што збіраецца патраціць на дабрачыннасць усе 10 тысяч, якія засталіся нявыкарыстанымі. У эфіры "Еўрарадыё" славуты спартовец сказаў, што чакае рашэння чыноўнікаў. Калі падатак не вылічаць, дзіцячы дом у Андрэеўшчыне атрымае большую суму грошай.
Ці вызваляць грошы ад падатку, стане вядома толькі ў красавіку.