Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч на 25 сакавіка 1918 года. Многія гісторыкі лічаць, што менавіта гэты перыяд стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.
Урад Беларускай Народнай Рэспублікі надаваў вялікае значэнне арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Менску Беларускага ўніверсітэта.
З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, была узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня”. У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР. Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гародні.
Славім усіх, хто дапамагаў Беларусі ісці да Незалежнасці!