Нагадаем, Наталля Стрэльчанка вядомая ў Дуброўна актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якая 25 сакавіка была затрымана не далёка ад свайго дома, калі збіралася ехаць на канцэрт у Мінск. Яе затрымалі каля 6 раніцы быццам па заяве былога намесніка старшыні выканкаму. Але ў РАУС міліцыянтам падалося, што Наталля здымае памяшканне на тэлефон. Міліцыянты накінуліся на жанчыну, адбралі ў яе тэлефон і склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. У судзе ніхто не змог даказаць, што жанчына сапраўды здымала, але суд аштрафаваў яе на 8 базавых велічыняў.
Пасля штрафу ціск на жанчыну не спыніўся. Цяпер на яе вырашылі паўплываць праз дзяцей. Так атрымалася, што ў жанчыны на некаторы час узнікла запазычанасць па аплаце за газ. Запазычанасць трывала кароткі час - у сакавіку Наталля цалкам пагасіла яе. Але 12 красавіка газавая служба накіравала адпаведны ліст пра наяўнасць запазычанасці (па стане на 12 красавіка запазычанасці не было ўжо месяц) чамусці ў аддзел адукацыі раёна. Гэта дало падставы для праверкі супрацоўнікамі адукацыі бытавых умоваў у якіх жывуць дзеці Наталлі. Канешне, праверка, якая прыйшла 22 красавіка, не выявіла аніякіх парушэнняў.