Моцны ціск на актывістаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў Дуброўна пачаўся 25 сакавіка ў Дзень Волі, калі актывістаў пачалі затрымліваць на выхадзе з дому. Па колькасці затрыманняў у гэты дзень на колькасць насельніцтва ў населеным пункце, Дуброўна аказалася лідарам па краіне. Затрыманні былі звязаныя з тым, што былы намеснік старшыні мясцовага выканкаму напісаў заяву, што яго абразілі ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі". Справа тады развалілася - міліцыя спыніла пераслед актывістаў, але не на доўгі час.
4 красавіка бліжэй да 15 гадзіны дамоў да Міхаіла Чэмурака (25 сакавіка ён таксама быў затрыманы і дастаўлены ў РАУС для разбіральніцтва, якое ішло каля 6 гадзін) прыйшлі двое супрацоўнікаў Дубровенскага РАУС і адзін супрацоўнік абласнога УУС. Прычына візіта міліцыі на гэты раз - заява ад пракурора раёна пра тое, што яго таксама абразілі ў "Аднакласніках". Міліцыянты ўчынілі вобшук у доме Міхаіла і забралі кампутар. Дадаткова забралі яшчэ і ноўтбук, які належаў маці Міхаіла і які ён узяў на адзін дзень - на наўтбуку захоўваліся дамовы якія тычацца бізнэса Міхаіла.
Пры гэтым Міхаіл некалькі разоў папрасіў зрабіць яму копію спіса забраных рэчаў, але міліцыянты гэтага так і не зрабілі. Як высветлілася пазней, у гэты самы час вобшук адбываўся і ў доме маці Міхаіла. Знайсці ў пажылой жанчыны кампутарную тэхніку не атрымалася (адзіны ноўтбук быў у гэты дзень у сына). Тады - па словах Чэмурака - міліцыянты пачалі перапісваць рэчы ў доме: колькасць мяхоў з цэментам, макароны і г.д. Адзінае што забралі міліцыянты ў доме маці гэта некалькі старых CD-дыскаў, і некалькі VHS касетаў.
Пад час вобшуку ў маці падняўся ціск і пасля сыну давялося выклікаць для старой хуткую дапамогу.