Аматарскі баскетбольны клуб "Сяргееў В" з Оршы даўно ішоў да сваёй мэты, скарыць Віцебскую абласную непрафесійную баскетбольную лігу. І нарэшце дасягнуў яе. Пасля першага фінальнага матчу "транспартнікі" вялі ў серыі да 2-х перамог з "БЛ Груп" 1-0. Другі матч адбыўся ў Оршы ў спартовым комплексе "Лакаматыў". Аршанцы здабылі пераканаўчую перамогу 90:61 (30-13, 23-25, 16-7, 21-16)! "Сяргееў В" стаў пятай камандай у лізе, якая падымалася на найвышэйшую прыступку, гэта значыць, заваёўвала тытул. Прычым упершыню за 8 сезонаў лігі галоўны трафей з'язджае з Віцебску, да аршанцаў толькі віцебскія калектывы станавіліся найлепшымі ў ВітАНБЛ.
У другім фінальным матчы самым выніковым у складзе каманды з Оршы стаў Анатоль Свірыдаў, які набраў 29 пунктаў, зрабіў 7 падбораў, 4 перадачы, 2 перахопы, 1 блок-шот, зарабіўшы на сабе 1 фол суперніка.
Рэдакцыя Orsha.eu сардэчна віншуе каманду "Сяргееў В" з заваяваннем тытулу найлепшай каманды ВітАНБЛ!