У Оршы ўжо праз пару месяцаў пачне праводзіць афіцыйныя гульні беларускай хакейнай Экстралігі каманда «Лакаматыў». Яна будзе прадстаўляць Оршу. Упершыню ў горадзе з`яўляецца прафесійны хакейны клуб, які будзе выступаць у чэмпіянаце краіны. Асноўным спонсарам каманды будзе Беларуская чыгунка. У свой час пабудова ў горадзе Лядовай арэны выклікала шмат размоваў, ці патрэбная яна гораду, ды яшчэ такая вялікая. Цяпер у сябе на сайце мы вырашылі спытаць аршанцаў, а ці патрэбны гораду хакейны клуб?
Першым варыянтам апытання будзе «Ухваляю, каманда павінна быць». Тут асаблівых каментароў няма, за гэты варыянт, верагодна, прагаласуюць вялікія аматары хакею, якія даўно чакалі стварэння каманды ў горадзе і выступу яе ў чэмпіянаце Беларусі.
Далей ідзе варыянт «Хакей у Оршы павінен быць, але лепей развіваць дзіцяча-юнацкую школу, а не клуб». Справа ў тым, што першапачаткова аршанскі клуб будзе складацца не з аршанцаў, а з хакеістаў менскага «Юніёру». Хакейная школа ў Оршы пачала працу параўнальна нядаўна, ды яшчэ не ў поўным фармаце – нават галоўны трэнер «Лакаматыва» Андрэй Расолька пацвердзіў, што ахоплены не ўсе ўзросты і не ў той колькасці. За гэты варыянт апытання могуць прагаласаваць тыя, хто любіць хакей, але лічыць, што клуб, ды яшчэ складзены не з аршанцаў, дарагое задавальненне. А вось укладаць грошы ў дзяцей, навучаць іх хакею, а затым, магчыма, прадаваць у моцныя прафесійныя клубы – гэта найлепшы шлях.
Наступны варыянт «Хакей у горадзе павінен жыць, але не ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі». Не сакрэт, што Орша — адзін з найболей дэпрэсіўных рэгіёнаў краіны. Тут вялікія праблемы з працаўладкаваннем, нізкія заробкі, большасць прадпрыемстваў горада альбо зачыненыя альбо працуюць не ў тых аб`ёмах як раней. У такой сітуацыі нават заўзяты прыхільнік шайбы задумаецца, а ці патрэбна Оршы такая моцная нагрузка як хакейны клуб? Можа варта пачакаць лепшых часоў.
У нашым горадзе нямала прыхільнікаў футболу, а клуб у гэтым відзе спорту існуе з 1951 года. Традыцыі вялікія, да таго ж футбольны клуб далёка не заўсёды атрымоўвае добры бюджэт. Так што наступны варыянт «Грошы лепей накіраваць на футбольны клуб "Орша"» якраз для прыхільнікаў футбольнага клуба, якія бачаць у хакейным канкурэнцыю. Даўно ёсць засцярогі, што хакейны клуб будзе забіраць на сябе ўвагу і грошы мясцовай улады, як гэта адбылося ў Лідзе і Баранавічах.
Але не адным футболам жыве Орша. У горадзе багатыя традыцыі і гісторыя перамог у дзюдо, самба, лёгкай атлетыцы і іншых відах. Таму ў апытанне ўведзены варыянт «Грошы лепей накіраваць на індывідуальныя віды спорту, дзе ў Оршы ёсць традыцыі».
Варыянт адказу «Неабходна зменшыць бюджэт на спорт» пасуе тым, хто не цікавіцца спортам і лічыць, што ён толькі адцягвае ўвагу ад эканамічных праблем краіны. Для таго, хто лічыць, што грошы ад спартовай галіны можна перадаць на іншыя сферы.
Ну і, нарэшце, варыянт «Хакей Оршы наогул не патрэбны», для тых, хто не цікавіцца хакеем, а можа нават лічыць яго дадатковай пагрозай для эканомікі рэгіёна.
Запрашаем галасаваць!