Споўнілася 40 гадоў з таго моманту, як генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў наведаў Менск, каб уручыць беларускай сталіцы залатую зорку горада-героя. 25 чэрвеня 1978 года для «правадыра» нават расчысцілі ўвесь чыгуначны вакзал, ён быў запоўнены толькі чыноўнікамі высокага рангу, міліцыяй і супрацоўнікамі КДБ.
Званьне горада-героя беларускай сталіцы было нададзена яшчэ ў 1974 годзе ўказам, падпісаным тагачасным старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Мікалаем Падгорным. Але незадоўга да паездкі ў Менск Брэжнеў пазбавіўся ад свайго колішняга паплечніка і дадаў да пасады генэральнага сакратара ЦК КПСС фармальны тытул кіраўніка дзяржавы, піша Радыё Свабода.
Мог заехаць генсэк і ў Оршу. Вось як апісвае сітуацыю аўтар тэксту, Сяргей Навумчык.
Праўды была і ў словах (Машэрава) пра «закладаньне асноваў новага жыцьця» «маладым спэцыялістам» Брэжневым — ён працаваў землямерам у Аршанскім раёне акурат у гады стварэньня калгасаў. Пра тое, як насамрэч закладалася гэтае «новае жыцьцё», празь некалькі гадоў напіша ў «Знаку бяды» Васіль Быкаў.
Пасаж Машэрава пра пачатак працоўнага шляху Брэжнева на беларускай зямлі мог быць больш працяглым. У той час на адным з пасяджэньняў у Крамлёўскім палацы з’ездаў 1-шы сакратар ЦК УЛКСМ Цяжэльнікаў зачытаў газэтную нататку 30-х гадоў пра маладога камуніста, які не баіцца цяжкасьцяў, вядзе за сабой равесьнікаў, падае прыклад моладзі. А ў канцы назваў імя маладога камуніста — Леанід Ільліч Брэжнеў. Генсек расчуліўся, выціраў сьлёзы, і наўзабаве камсамольскі лідэр быў прызначаны загадчыкам аддзелу прапаганды ЦК КПСС — а гэта прамы шлях у Палітбюро.
Адшукаць падобную нататку пра аршанскі пэрыяд Брэжнева не ўдалося: перагледзелі ўсе падшыўкі, перарылі ўсе архівы — знайшлі толькі складзены загадчыкам нейкага складу сьпіс тых, каму былі выдадзеныя боты, і ў ім прозьвішча без ініцыялаў — «Брэжнеў».
Далей аўтар апісвае, як генсэк у Оперным тэатры гучна сказаў «Я хачу дамой!»
...На выпадак, калі б Брэжневу захацелася спыніцца ў Воршы, дзе прайшлі некалькі месяцаў ягонай маладосьці, на вакзал прыбылі кіраўнікі Віцебскага абкаму ды начальнік мясцовай управы КДБ. У аршанскім шпіталі была падрыхтаваная адмысловая рэанімацыйная палата — зрэшты, такая палата была традыцыйнай перасьцярогай праз кожныя 100-150 кілямэтраў руху генсека.
Але рэанімацыя Леаніду Ільічу не спатрэбілася, і сантымэнты па юнацтве ў яго не абудзілся — эшэлён праскочыў Воршу, не спыняючыся.