На гэты раз крыж пастаўлены ў памяць Філіповіча Станіслава Францавіча. Шыльда на крыжы каротка распавядае яго біяграфію: нарадзіўся 12.05.1901, растраляны 12.01.1938 у Оршы, Рэабілітаваны 27.03.1989.
Дадзеныя гэтай ахвяры сталінскіх рэпрэсій маюцца і ў адкрытых спісах растраляных. Так, спіс Радыё "Свабода" "Картатэка Сталіна" гаворыць, што Станіслаў Францавіч нарадзіўся пад Мінскам, а дакладней у вёсцы Скарадное Мінскага павету. Паляк па нацыянальнасці, з сялян, пачатковая адукацыя. Арыштавалі яго 17 лістапада 1937 года, а вось, асудзілі 9 снежня 1937. Праўда, даты растрэлу не супадаюць, паводле "Картатэкі Сталіна" Філіповіч растраляны 17 студзеня 1938 года ў Аршанскай турме (сёння Езуіцкі калегіюм). Праўда, такі запіс зусім не азначае, што ён быў растраляны менавіта на тэрыторыі турмы і зусім не азначае, шт оён там пахаваны. Камуністы імкнуліся хаваць сляды сваіх злачынстваў і хавалі трупы, яасцей за ўсё, у прыгарадных лясах.
Кабыляцкая гара - самае вядомае месца растрэлаў пад Оршай. Камень у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў тут паставіў выканкам у пачатку 90-х гадоў. Але цяпер не асабліва прызнае свой жа помнік. Пры гэтым, сваякі растраляных усталёўваюць тут крыжы і помнікі ў памяць сваіх родных.