Прэзідэнт краіны запатрабаваў завяршыць работы па добраўпарадкаванні гэтага населенага пункта, надаць увагу стварэнню новых працоўных месцаў, развіццю сацыяльнай інфраструктуры. Прычым крайняй датай у чарговы раз названа 7 лістапада — афіцыйнае дзяржаўнае свята (Дзень вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі), якое даўно носіць неадназначны характар і ігнаруецца патрыятычна настроенымі грамадзянамі.
«Чаму я чапляюся за Барань і Балбасава — гэта шыкоўнае месца, лепш не прыдумаеш для жыцця. Чаму тут людзям не жыць? Яны будуць тут жыць, калі будзе праца. Працу трэба ім даць. Толькі наша бязладнасць не дазволіць загрузіць тут людзей», - падкрэсліў прэзідэнт.
Што тычыцца канкрэтна Балбасава, Лукашэнка даручыў прадставіць яму план развіцця гэтага населенага пункта па аналогіі з гарадскім пасёлкам Копысь. Кіраўніку дзяржавы далажылі, што аналагічная праца ўжо вядзецца, распрацаваны план развіцця і добраўпарадкавання Балбасава.
На гэты раз Лукашэнка прыязджаў у Балбасава з наведваннем авіярамонтнага завода, які даручыў цалкам перавесці пад дзяржаўную ўласнасць.