13-га жніўня з візітам у Оршу прыехаў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У ліку іншага ён накіраваўся на надзвычай праблемны Інструментальны завод. Пры гэтым у размовах Лукашэнка спыніўся не толькі на стане спраў. Ён раскрытыкаваў "паказуху", з якой наводзілі парадак вакол завода перад яго прыездам:
Вы не любіце людзей, не любіце вы завод. Калі ўжо робіце тут нейкую паказуху, зрабіце бардзюр, але навошта ў траву класці асфальт. Гэта што, культура? Вось за гэта чыноўнікаў і ненавідзіць часам народ — за вашы бесталковасць і бязладдзе.
Лукашэнка быў у гневе ад убачанага на заводзе. Пад агонь крытыкі апынуўся дырэктар Інструментальнага Уладзіслаў Бардзюкоў:
Хутчэй за ўсё, міністра (міністра прамысловасці Віталя Ваўка) сюды накіруем да цябе працаваць. У яго два шляхі, або ў турму, або сюды — публічна пра гэта кажу. Пакуль двойка з мінусам і да цябе прэтэнзій мора. Ніколі не займайся ашуканствам. Ты — малады кіраўнік. Ты тут галоўны. Не дай бог, я перад новым годам прыеду, і маё вока ўчэпіцца дзесьці за нешта. Ты ведаеш, што будзе.
Як перадаў тэлеканал "Беларусь-1", яшчэ вызначыцца, на якой пасадзе будзе працаваць у Оршы Віталь Воўк.
Акрамя таго, Лукашэнку крайне не задаволілі ўмовы працы рабочых Інструментальнага. Як перадае яго прэс-служба, прамова прэзідэнта была наступнай:
Хіба гэта працоўныя месцы?! Вязніца нейкая! Катаржныя людзі працуюць за 200 даляраў у месяц.
Нагадаем, што за цэлы год на Інструментальным заводзе з 400 станкоў былі мадэрнізаваныя толькі 4. Прэзідэнт звярнуў увагу, што недалёка ёсць станказавод "Чырвоны барацьбіт". Дарэчы, яго кіраўнік Аляксандр Шульгін таксама прысутнічаў падчас візіту Лукашэнкі ў Оршу. Ён пацвердзіў, што яго завод можа аператыўна паставіць большасць неабходнага абсталявання. Гэтая заява выклікала сарказм з боку вядомага блогера Віктара Малішэўскага, які прывёў дадзеныя Гугл Мапаў пра адлегласці паміж заводамі, паміж якімі мусяць здзейсніцца пастаўкі. Гэта ўсяго 353 метры наўпрост, а калі па дарозе, дык каля 1 км.
Як звычайна, візіт адбываўся пры надзвычайных мерах засцярогі і аховы. Нашай рэдакцыі стала вядома, што некалькі чалавек спазніліся на працоўныя месцы з-за таго, што вуліца Міра была перакрытая на некалькі хвілін для праезду прэзідэнцкага картэжу. У горадзе на вуліцах следвання Лукашэнкі назіралася вялікая колькасць міліцыі і людзей у цывільным.