Абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва аблвыканкаму абвесціла тэндэр на будаўніцтва новай малочна-таварнай фермы ў Аршанскім раёне - паведамляе сайт "Народныя навіны Віцебска". Ферма на 2.000 галоў кароў павінна з'явіцца каля вёскі Чурылава (у Горацкім кірунку).
У год яна павінна выдаваць 20.500 тонаў малака. Асноўны статак будзе размешчаны ў 4 кароўніках па 500 дойных кароваў у кожным. Але павінен быць узведзены яшчэ і прафілакторый для цялятак на 360 галоў, кароўнік для "сухастойных" кароваў на 400 галоў з радзільным аддзяленнем. Для маладняка прадугледжаны будынак на 800 галоваў, а для зусім маленькіх цялятак будынак на 640 галоў.
Будаўніцтва павінна пачацца ў кастрычніку 2018 года і скончыцца да студзеня 2021 года. Дакладны кошт выдзеленых па тэндэру сродкаў - 48.847.529 рублёў.