Жорсткае забойства нелегальнага скупшчыка золата з Оршы раскрыта. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін. Забіты мужчына, які займаўся крымінальным бізнесам, быў восенню 2017. Забойства адбылося ў Оршы. Тады адна аршанка звярнулася ў міліцыю, паведаміўшы, што знік ейны зяць.
Жанчына патлумачыла, што ён не выходзіць на сувязь і доўгі час адсутнічае па месцы жыхарства. Труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці быў знойдзены праз два тыдні на могілках вёскі Замасточча Аршанскага раёна. "Злачынства, здзейсненае з карыслівага матыву, вельмі старанна планавалася. Выканаўцы ўжо мелі крымінальны досвед, хавалі сляды, загадзя рыхтавалі месца і сродак забойства. Раскрыць справу атрымалася дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню супрацоўнікаў следства з органамі дазнання, УУС Віцебскага аблвыканкама і калегамі з Пскоўскай вобласці Расеі" , - адзначыў Уладзімір Шалухін.
Гаворка ідзе пра забойства, пра які наш сайт пісаў 20-га кастрычніка мінулага года. Тады orsha.eu паведамляў, што забітаму 52 гады. Пасля вяртання з Расеі ён планаваў сустрэцца з цешчай, але на сустрэчу не прыйшоў. Спачатку жанчына падумала, што той проста запіў. Аднак затым зразумела, што памыляецца. І праз паўмесяца ейнага зяця знайшлі забітым на могілках. Варта чакаць, што імя падазраванага (-ых) у забойстве скупшчыка будзе названа ў хуткім часе, а затым пачнецца суд.