Праз некаторы час пасля таго як Лукашэнка абвесціў, што Орша будзе на "ваенным становішчы" ў горадзе з'явіліся людзі ў камуфляжы. Два-тры такіх камуфляжных чалавекі сталі хадзіць разам з патрульнымі міліцыянтамі па горадзе. Як высветлілася, гэта мінскі АМАП, які прыехаў у горад для так званай "адпрацоўкі горада". Гэта звычайная з'ява для беларускіх гарадоў, калі для ўзмацнення мясцовай міліцыі прыязжаюць дадатковыя сілы. Але звычайна такое ўзмацненне прыязжае ў горада не больш як на тыдзень. У Оршы ж "камуфляжныя" затрымаліся. Афіцыйных паведамленняў пра "адпрацоўку горада" не было, таму і не зразумела колькі ж гэтая адпрацоўка будзе доўжыцца.
Па нашай інфармацыі паступіўшай з надзейных крыніцаў, АМАПаўцы будуць патруляваць горад да канца года. Разам з імі горад будуць адпрацоўваць спецыяльныя службы кшталту "Стралы". Здавалася б, узмацненне нашай міліцыі павінна было б прынесці карысць для жыхароў горада: больш міліцыі - больш бяспечны горад. Але насамрэч прыезд "камуфляжных" выклікае немалое раздражненне ў горадзе. На сайт прыходзілі паведамленні пра неабгрунтаваныя - як падаецца людзям - затрыманні. Перш за ўсё гэта тычыцца тых хто ўжываў алкаголь у горадзе, а потым спрабаваў даехаць дамоў. Людзей пасля кавярняў і гасцей затрымлівалі на прыпынках і нават каля саміх кавярняў.
Адзіная карысць ад ўсяго гэтага, што больш затрыманых прывядзе да большай колькасці штрафаў і павелічэння даходнай часткі бюджэта.