Да гэтае пары ў Беларусі архівы КДБ закрытыя і дакладная колькасць людзей патрапіўшых пад сталінскія рэпрэсіі не вядомая. Сёняшнія даследчыкі могуць карыстацца толькі тымі спісамі, якія выпадкова сталі адкрытымі ў 1990-я гады. Так, адзін з такіх спісаў, які так і называецца, "Адкрыты спіс" утрымлівае 1738 імёнаў тых хто быў растраляны ў Оршы. Адзін з найбуйнейшых даследчыкаў тэмы рэпрэсій Ігар Кузняцоў гаворыць, што гэтую лічбу можна памнажаць у некалькі разоў.
Ініцыятыва "Кабылякі. Растраляныя ў Оршы" прааналізавала спіс гэтых людзей і прэзентавала яго для мінскіх журналістаў. Прэзентоўваў аналітыку Ігар Станкевіч, але далучыліся да прэзентацыі і Ігар Кузняцоў і Дзіна Кацар і Мікола Купава - ва ўсіх іх у сям'і былі ахвяры сталінізму.
Хто ж былі тыя людзі, якіх растрэльвалі ў Оршы? З 1738 чалавек 1128 беларусы, 503 палякі, 38 габрэяў і далей па змяньшэнні. Па прафесійнай прыналежнасці большасць людзей калгаснікі - 771 чалавек. Але ёсць і такія як старшыня Чашніцкага райвыканкаму і сакратар Сененскага райкаму камсамолу. З няпоўнага спісу ўдалося высветліць і спіс растраляных у Оршы святароў. З 20 святароў растраляных у Аршанскіх лясах, 18 праваслаўных, 1 ксёндз і 1 равін.
Найбольшая колькасць растраляных выпала на снежань 1937 года і студзень 1938 года. Ігар Кузняцоў звязвае гэта з выбарамі ў Вярхрўны Савет СССР у 37-ым і не выкананнем плану за год, які дапрацоўвалі ў студзень 1938-га.