Хаця грамадзяне і прадпрыемствы плоцяць падаткі ды яшчэ і па некалькі разоў на год ходзяць на добраахвотна-прымусовыя суботнікі па добраўпарадкаванні, пералічваюць грошы ў час суботнікаў ды займаюцца іншымі відамі бясплатнай ці амаль бясплатнай работы (напрыклад бюджэтнікі ездзяць у сезон работаць у сельскія прадпрыемствы), грошай усё адно дзяржаве не хапае. Дайшло да таго, што акрамя ўсёй іншай дабрачыннасці грамадзянаў, улады звярнуліся да грамадзянаў з заклікам проста так пераводзіць грошы на добраўпарадкаванне.
Са зваротам да жыхароў Барані з такім заклікам звярнуўся Бараньскі Савет дэпутатаў. Аб'явы з такім заклікам з'явіліся нядаўна ў гэтым гарадку. Савет дэпутатаў (у якім цяпер няма аніводнага дэмакрата, хаця яшчэ пару скліканняў таму тут было некалькі дэпутатаў ад дэмакратычных партый) просіць перасылаць грошы на добраўпарадкаванне горада. Для гэтага ў мясцовых банках з'явіліся адмысловыя квітанцыі. Аб'ява гаворыць, што сабраныя сродкі будуць выкарыстаныя на добраўпарадкаванне гораду.
Барань хаця і лічыцца горадам і мае свой гарадскі выканкам ды Савет дэпутатаў, у рэальнасці адміністратыўна ён падначальваецца Аршанскаму выканкаму і як і сельсаветы фінансуецца з бюджэта раёна, не збіраючы сваіх падаткаў.