На гэты раз на Кабыляках сабраліся як грамадскія актывісты, якія шмат гадоў даглядалі помнік, так і родзічы растраляных тут людзей. На гэты раз сабраліся як аршанцы, так і мінчане продкі якіх палеглі ў Кабыляках. З Мінска прыехаў цэлы мікрааўтобус з людзьмі, якія хацелі дапамагчы ў справе прыборцы масавага месца пахавання і узгадаць сваіх продкаў. Для прыехаўшых была асобна праведзена экскурсія па вядомых месцах растрэлаў вакол Оршы і па месцах дзе тыя ахвяры тэрору праводзілі свае апошнія дні перад растрэламі.
Пад час самой прыборкі людзі ачысцілі дарожку да мемарыяла з боку Андрэеўшчыны, усталявалі лаўку каля помніка - тут часта бываюць пажылыя людзі, якім цяжка доўга стаяць. Пад канец прысутныя зачыталі імёны некаторых загінулых, а на дрэвах вакол помніка размесцілі партрэты растраляных людзей.
Традыцыйна ў Беларусі ў першую суботу лістапада святкуюць "Восеньскія Дзяды". З канца 1980-х гадоў у гэты дзень беларусы ўшаноўваюць і ахвяраў сталінскага тэрору. Да дня ўшанавання продкаў і была праведзена прыборка. Самі Дзяды пройдуць 3 лістапада, у гэты дзень тут таксама збяруцца людзі, каб ускласці кветкі, ушанаваць бязвінна палеглых.