Нават самім не верыцца, што мінула ўжо 11 гадоў як пачаў працаваць наш сайт. Напачатку ён працаваў пад іншай назвай, але пастаянныя чытачы, якія ўвесь гэты час з намі, ведаюць, што і тады і зараз сутнасць сайта тая самая: максімальна магчымая аб'ектыўнасць і дэмакратычнасць.
За гэты час у нас было шмат прыгодаў. Пачынаючы ад рэгулярных пагрозаў падаць у суд на сайт, скончваючы вобшукамі на офісе, дзе працавалі аўтары сайта, а апошнім часам нават пагрозы фізічнай расправы. Шмат было і пазітыўных прыгодаў: пачынаючы з таго, што дзякуючы нашаму сайту былі праведзены капітальныя рамонты дамоў, мадэрнізаваныя ачысныя збудаванні ў адным суседнім горадзе, скончваючы ацэнкамі экспертаў, што наш сайт па шэрагу паказчыкаў найлепшы з рэгіянальных у Беларусі. Што ж, і тое, і тое дадае матывацыі работаць і далей.
А самая вялікая матывацыя да работы - гэта Вы, нашы чытачы. Сёння менавіта дзякуючы Вам наш сайт самы папулярны інтэрнэт-рэсурс пра Оршу. Менавіта дзякуючы Вам наш сайт найбольш каментуемы сайт пра Оршу і яе суседзяў. Менавіта для Вас мы працуем і менавіта вы даеце найбольшую матываюцыю для працы. Тым больш, што каля 70% нашых чытачоў - гэта пастаянныя чытачы, якія выходзяць на сайт хаця б раз на тыдзень.
Дзякуем усім, хто гэтыя гады быў з намі, дзякуем тым, хто далучыўся пазней, але стаў нашым пастаянным чытачом. У нядзелю, 4 лістапада мы правядзем адкрытую сустрэчу рэдакцыі сайта з чытачамі. Пра месца і час мы паведамім пазней, сачыце за абнаўленнямі.