Размова ішла не толькі пра сацыяльныя сеткі, але і пра інтэрнэт-смі, бізнэс, тэндэнцыі абмена інфармацыі. А ўвогуле пачаў Франак (улічваючы, што аўдыторыя пра гэта запытала) з таго чым адрозніваецца амераканская адукацыя ад беларускай. Ён не змог адвучыцца ў Беларусі - з БДУ Франака ў свой час выключылі па палітычных матывах. Таму вышэйшую адукацыю Вячорка атрымліваў у Польшы, а нядаўна атрымаў яшчэ і дыплом у ЗША. Вышэйшая адукацыя ў ЗША цудоўна ілюструе і розніцу ў ментальнасці савецка-постсавецкай і "капіталістычнай". Прыклад таму - конкурс на навучанне ў ЗША. На 4 стыпендыі (кожная ў 100.000 даляраў), якія прадстаўляюць беларусам для навучання ў гэтай краіне конкурс парадку 17 чалавек на месца. У той жа суседняй Укране на адно такое месца 4.000 заявак (прычым не залежна ад вайны). Чаму? Па меркаванні Вячоркі, бо беларусы з-за таго, што больш знаходзяцца пад уплывам "саветчыны" ўсё яшчэ не прагнуць быць лепшымі. А менавіта быць лепшым і навучае амераканская сістэма адукацыі. Напрыклад, уся аўдыторыя студэнтаў можа атрымаць толькі пэўную колькасць балаў - некаторыя з іх высокія, некаторыя сярэднія, але колькасць балаў абмежаваная. І каб атрымаць высокую адзнаку мала ведаць тэму выдатна, трэба ведаць яе лепш за іншых - так нараджаецца канкурэнцыя, якая кожнага чалавека прымушае быць лепшым.
А яшчэ, што важнае адчуў Вячорка пад час адукацыі ў ЗША, што трэба не толькі навучацца, але і ўмець развучвацца і не шкадаваць пра мінулае. За апошнія, літаральна, тры дзесяцігоддзі рынак інфармацыі моцна змяніўся. Калі раней былі актуальныя (на іх ішло больш грошай, імі больш цікавіліся палітыкі, больш людзей карысталася іхнымі паслугамі) газеты і тэлебачанне, то потым сталі актуальнымі інфармацыйныя сайты. А яшчэ праз некаторы час - сацыяльныя сеткі. Сёння на змену сацыяльным сеткам прыходзяць мэсэнджэры, пры тым, што некаторыя яшчэ і не навучыліся карыстацца ні сайтамі, ні сацыяльнымі сеткамі. Таму варта час ад часу "забываць/развучвацца" як працуе нейкая тэхналогія, бо праз некалькі год тая схема перадачы інфармацыі ўжо будзе не актуальная і трэба навучацца новым метадам.
Увогуле замест запланаваных 1,5 гадзіны лекцыя Франака ішла амаль тры. Ён распавядаў шмат спецыфічных тэмаў, зразумелых толькі карыстальнікам сацыяльных сетак, распавёў якія сацыяльныя сеткі будуць папулярныя заўтра, а на якія можна ўжо забыцца сёння. Таксама паказаў некалькі праграмаў якія дапамагаюць ствараць у сацыяльных сетках спецыфічны кантэкт і аналізаваць папулярнасць кантэнту. Прычым, ён паказваў як імі карыстацца. Так, ён паказаў адну з платных якасных праграмаў для параўнання папулярнасці розных інтэрнэт-старонак, да прыкладу былі ўзятыя самыя папулярныя аршанскія сайты. Канешне, па ўсіх параметрах самым папулярным аказаўся сайт orsha.eu.
Нават пасля сканчэння лекцыі, якая ішла ў два разы больш чым планавалася, некаторыя засталіся, каб задаць дадатковыя пытанні.