Дзіўныя справы адбываюцца з аршанскай сям'ёй Літвінавых. Аўтаслесар Аляксандр па пошце атрымаў ліст на трох аркушах машынапіснага тэксту пра тое, што вызвалены з калоніі ў Тамбове, дзе адбываў турэмнае зняволенне тэрмінам на 1 год. Але ў гэты час мужчына знаходзіўся ў Оршы і надоўга горад не пакідаў і пераконвае — ніколі не сядзеў у турме, тым больш у Расеі! Тэлеканал АНТ зрабіў матэрыял пра "сядзельца", які і не бываў у тамбоўскіх камерах. Гісторыя ўжо мела негатыўныя наступствы для беларуса. З-за гэтай гісторыі ён вымушаны быў адмовіцца ад прапановы наладзіць справы філіі Аршанскага СТА ў Смаленску.
Дакументы кажуць пра тое, што Аляксандр Літвінаў з Оршы быў асуджаны Дамадзедаўскім гарадскім судом. І ў мужчыны і ягонай жонкі Алены ёсць падазрэнне, адкуль пачаўся гэты абсурд. Яны мяркуюць, што дадзеныя Аляксандра мог даць міліцыі адзін знаёмы, які даўно не выходзіў на сувязь. Імаверна, ён адбыў турэмны тэрмін пад чужым імем, карыстаючыся веданнем асабістых дадзеных Аляксандра Літвінава, яго прапіскі і маючы з ім знешняе падабенства. Аршанская сям'я хоча дамагчыся праўды і зняць судзімасць з чалавека, які насамрэч не здзяйсняў нічога супрацьпраўнага.