З 5 па 7 снежня ў сталіцы татарстану Казані адбудзецца міжнародная прамысловая выстава "Машиностроение. Металлообработка. Казань-2018". Аршанскі завод "Чырвоны барацьбіт" запрошаны на стэнд №3317. Таксама на кірмашы пройдзе і 13-я спецыялізаваная выстава "TechnoСварка". Арганізатарамі мерапрыемстваў выступаюць Міністэрства прамысловасці і гандлю Рэспублікі Татарстан, Расейская асацыяцыя вытворцаў станкаінструментальнай прадукцыі «Станкоинструмент», Мэрыя горада Казані, ААТ «Казанская ярмарка». Мерапрыемствы праводзяцца пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Татарстан Р.Н.Мініханава. Афіцыйным партнёрам выстаў 2018 года выступае Міністэрства прамысловасці і гандлю Чэшскай Рэспублікі.
Сёлета ў выставе, як паведамляецца на сайце кірмаша, прымуць удзел больш за 160 кампаній, якія прадставяць абсталяванне і тэхналогіі з 14 краін свету: Германіі, Ізраіля, Італіі, Кітая, Польшчы, Беларусі, Расеі, ЗША, Тайваня, Украіны, Чэхіі, Швейцарыі, ПАР і Японіі. Нацыянальныя экспазіцыі прадставяць Нямеччына, Беларусь і Чэхія, рэгіянальныя экспазіцыі — Рэспубліка Крым, а таксама Самарская і Разанская вобласці.
Звяртае на сябе ўвагу тое, што у мерапрыемстве бяруць удзел і крымскія кампаніі пад рэгіянальнай экспазіцыяй, фактычна, пад сцягам Расеі. І пры гэтым, калі верыць анонсу краін, што будуць прадстаўленыя на кірмашы, у выставе бяруць удзел кампаніі з Украіны, чыёй анэксаванай тэрыторыяй і з'яўляецца Крым.